Кажуць...
Я ня помню сябе ў пялёнках, —
Кажуць, дужа іх не любіў,
Распавіты, кажуць, спрасонку
Ледзь жыцьцё сваё не загубіў.
Раз сястрычкі — мая апека —
Адвярнуліся са двара,
Дык умомант і я раскумекаў,
Што і мне пагуляць пара.
Страпянуўся нагамі й рукамі —
І збылося ўсё, як хацеў...
Не зваліўся на дол, нібы камень, —
Кажуць, лёгенька паляцеў.
Быў палёт не па ўзросьце стромкі,
Ды падлога мяккай была, —
Кажуць, Бог падаслаў саломкі,
А магчыма, зваў да крыла...
Адшукалі мяне пад лавай, —
Кажуць, нават ня ўздумаў крычаць...
З той пары і займеў я права
Сам шляхі сабе вызначаць.
З той пары і характар ня ломкі,
І выкручвацца не мастак...
Кажуць, Бог падсьцілае саломкі, —
Што ж, я згодны, — няхай сабе й так.
Згодны, — маю прычасьце на шчасьце,
І на ўдачу талан такі,
І закон: на калені ня ўпасьці,
І — пляваць на ўсе гузакі!..
Комментариев нет:
Отправить комментарий